статьи о заказнике

Газета «Ивацевичский вестник» у нас в гостях…

Print Friendly, PDF & Email

Пачынаючы з 2000 года, у Беларусі адзначаецца Дзень аховы навакольнага асяроддзя, які прыпадае на 5 чэрвеня. Як і іншыя экалагічныя даты, гэтая мае на мэце звярнуць увагу грамадскасці на праблемы, што ўзнікаюць з-за празмернага ўмяшання чалавека ў прыроду: катаклізмы, змена клімату, скарачэнне біяразнастайнасці, нават новыя хваробы – усё гэта наступствы нашага спажывецкага стаўлення да навакольнага асяроддзя. Ёсць толькі адно выйсце з гэтай сітуацыі – з дзяцінства прывіваць дзецям любоў да прыроды, да ўсяго жывога. Ці прычыніш ты боль таму, каго любіш? Наўрад ці.

Мы рады бываць у заказніку «Выганашчанскае», таму што там дбаюць пра важ-нае: экалагічную асвету моладзі, захаванне біяразнастайнасці і займаюцца экалагічным турызмам. Трэці від дзейнасці дадатковы, але прыносіць грошы, каб займацца двума першымі – прыярытэтнымі. І вы таксама можаце ўнесці сваю лепту ў добрую справу, заказаўшы экскурсію па адным з маршрутаў заказніка. Сёння расказваем пра водны – па Бабровіцкім возеры. І пра месца, дзе вы можаце спыніцца пасля вандроўкі, – сядзібу палешука.

Але спачатку кароткі экскурс у гісторыю ад дырэктара Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Выганашчанскае» Сяргея ГАБЦА. Даўным-даўно, яшчэ да нашай эры, на месцы сённяшняга Палесся было мора – мора Герадота. З цягам часу яно абмялела, але засталіся азёры. Заказнік цяпер знаходзіцца там, дзе раней было возера плошчай 500 кв. км, тут праходзіў гандлёвы шлях «з вараг у грэкі». Пазней сушы стала больш, а азёраў стала два: Бабровіцкае і Выганаўскае. Менавіта такая назва апошняга пазначана на рускай карце 1860 г. Ёсць у Сяргея Уладзіміравіча і польская карта 1923 года. На ёй ужо можна ўбачыць не толькі два возеры і лес, але і абазначэнні цэлай сеткі каналаў, іх пабудовай займаўся царскі генерал і геадэзіст Іосіф Жылінскі. У XIX ст. ужо існаваў асноўны Агінскі канал і сістэма шлюзаў у міні-каналах, што дазваляла падняць узровень вады ў азёрах. Штучна ствараліся вялізныя разлівы. Так утвараліся заліўныя лугі, потым узровень вады паніжалі і касілі на іх траву на сена для казацкай кавалерыі, сена вывозілі па каналах.

Заказнік рэалізуе праект, згодна з якім ствараюцца гідразбудаванні, што дазваляюць і цяпер рэгуляваць узровень вады ў каналах, каб напоўніць ёю верхавыя балоты – галоўны скарб заказніка. «Дзе вада, там жыццё», – гаворыць Сяргей Уладзіміравіч.

Каля Бабровіцкага возера знойдзена стаянка старажытных людзей. На тым баку возера да 1942 года месціліся і сумна вядомыя вёскі Вяда (згадваецца з 1401 года) і Тупічыцы, спаленыя немцамі разам з жыхарамі, не аднавіліся. Такім чынам, месцы гэта знакавыя, з гісторыяй і адрозныя багаццем расліннага і жывёльнага свету, які знаходзіцца пад аховай. У заказніку – вялікая запаведная тэрыторыя, дзе забаронена паляванне, гаспадарчая дзейнасць. Гэта край некранутай ці амаль некранутай прыроды, па якім можна вандраваць у суправаджэнні спекцыялістаў. І мы таксама вырашылі павандраваць па Бабровіцкім возеры і яго ваколіцах разам з Сяргеем Уладзіміравічам, узорным расказчыкам, экскурсаводам.

«Дык вось ты якое, Бабровіцкае возера!»
Такія думкі круціліся ў маёй галаве пад роў матора, прымацаванага да лодкі, якая рассякала чыстую азёрную ваду і імчала ва ўрочышча Вяда, дзе нас чакала сустрэча з балотнымі чарапахамі. Сорамна прызнацца: я ўраджэнка суседняй з Бабровічамі вёскі Выганашчы, а па Бабровіцкім возеры плыла, ці лепш сказаць ехала, упершыню. Каля вады адчувалася прыемная прахалода, пырскі, вецярок у твар – простыя рэчы, а колькі радасці яны дарылі даросламу чалавеку.

Пакатацца па возеры можа любы турыст. Працягласць кальцавога маршрута – 16 км. Маршрут праходзіць па перыметры возера Бабровіцкае з прыпынкамі і выхадам на бераг ва ўрочышчах Губа, Востраў, Бярэзіна, Вяда, Шырокі Бераг. На прыпынку Востраў турысты сапраўды аказваюцца на востраве, абкружаным вадой і балотамі. Яго вышыня – 162 м над узроўнем мора, і гэта самая высокая кропка заказніка. Бярэзіна – гэта прыпынак на балоце, дзе растуць журавіны, там вы ўбачыце тыповыя верхавыя балоты. Маршрут праходзіць каля 9-га канала 1894 – 1898 гг.
пабудовы, тут раскажуць, як ён будаваўся. Раскажуць і пра стаянку старажытных людзей, пра пясчаныя барханы, якія ніколі не зарастаюць расліннасцю. Шырокі бераг – тут можна зайсці ў ваду: плытка. Можна наведаць і ўрочышча Селішча, дзе расце 600-гадовы дуб-велікан.

Па такім маршруце мы і планавалі праплыць, але ў Бога свае планы. Закапрызнічаў матор, які да нас быў задзейнічаны ў вандроўцы турыстаў па разлівах, дзе больш плытка і дзе шмат расліннасці. Лодка спынілася пасярод возера і бездапаможна загойдалася на хвалях. Мне па-дзіцячы хацелася прыгод – і вось яны. Адрэналін – у кроў, сэрца забілася часцей. Вады я трошкі баюся, плаваць не ўмею.

Толькі з Сяргеем Уладзіміравічам не прападзеш, ён сваю справу ведае: узяўся за вёслы і ўразіў мяне сваёй фізічнай формай у 70 гадоў. Можа здарыцца ўсякае, галоўнае – не разгубіцца. Прайшлі на вёслах мо кіламетр, і раптам ідэя: можна паспрабаваць даць задні ход і ехаць на мінімальнай хуткасці – паломка дазваляе. І атрымалася. Лодка накіравалася да берага без дапамогі вёсел, да таго месца, адкуль адчалілі. Рыбак, што прычаліў адначасова з намі, быў на Вяда і расказваў, як многа там цяпер балотных чарапах. Было трошкі шкада не ўбачыць тое на свае вочы, але ў заказніку яшчэ хапала месцаў, вартых увагі, а прыгажосцю возера ўжо наталіліся. І гэта проста казка, такія віды!

Экасцежка сярод балота і сядзіба палешука


Наша падарожжа прадоўжылася па сушы. І сакрэт добрай фізічнай формы нашага экскурсавода стаў мне зразумелы на ўваходзе на экасцежку заказніка «Надліўская града», калі мая рука пацягнулася за сродкам для адпужвання камароў. Сяргей Уладзіміравіч «хіміяй» не карыстаецца. Ён паклаў сваю насоўку на мурашнік і пачакаў некалькі хвілін. Калі яна змакрэла ад мурашынай кіслаты, абцёр ёю рукі і твар, і камары і іншыя насякомыя абляталі яго бокам. Мы таксама апрабавалі гэты метад – працуе! Сяргей Уладзіміравіч выступае за натуральнае ва ўсім, у тым ліку ў прадуктах, ежы. І лічыць, што прырода – найлепшая аптэка, проста трэба ўмець карыстацца яе багаццямі. Нават расліна-паразіт можа прыносіць карысць. Каля сцежкі – кармушка, я думала, для сена. Не. У яе кладуць амялу – тую самую, што паражае дрэвы, аказваецца, яна паляпшае страваванне жывёл, яе ядуць.

Ёсць на экасцежцы вадаём з «жывой вадой»: пад ім б’е крыніца. Вада чыстая-чыстая, нават лячэбная, і ўмывацца ёй карысна, што і робіць Сяргей Уладзіміравіч час ад часу.

Ідзеш па экасцежцы – і можаш убачыць рэдкія расліны і прачытаць пра іх на стэндах. І пра жывёл таксама. Навокал – нізіннае балота са сваім багатым раслінным светам, папаратнік па метры ў вышыню. Дарэчы, тут можна знайсці папараць-кветку – каралеўскі папаратнік квітнее. Праўда, мы выбралі самы кароткі маршрут у 2 км, на ім гэтая расліна не сустракаецца, затое сустракаецца шмат іншых, чырванакніжных. Увогуле ж можна выбраць маршрут працягласцю ад 2 да 5 км. Водныя маршруты таксама розныя – можна паехаць, як мы, па возеры, можна дадаткова павандраваць па верхавым балоце. Самы складаны маршрут – «Партызанскімі сцежкамі». Убачыце сапраўдную багну, гэта вандроўка для падрыхтаваных і фізічна моцных людзей.

Разыначка «Надліўскай грады» – ся-дзіба палешука, дзе можна заначаваць. Першых наведвальнікаў двухпавярховая міні-сядзіба з васьмю спальнымі месцамі прыняла летам мінулага года. Дом пабудавалі работнікі заказніка, тут увесь час нешта дадаецца: то паставяць каваную печку, то зробяць ложкі з пад’ёмным механізмам. Абсталявалі і зону адпачынку з вогнішчам. Адна з лесвіц ад доміка вядзе прама ў ваду – сядзіба на краі вадаёма, пасярод якога – дзевяць астравоў. Можна купацца, можна рыбачыць – за асобную плату. Праўда, рыбу, як і грыбы, ягады, з заказніка выносіць нельга: можна прыгатаваць і з’есці іх прама там. Хутка, ужо гэтым летам, тут спусцяць на ваду човен, а на адным з астравоў пабудуюць яшчэ адзін домік – сядзібу-музей палешука XIX ст., дзе збяруць прадметы даўніны. І човен будзе дастаўляць туды турыстаў. Аберагае сядзібу кулік-паляшук: з сукаватай ёлкі выразалі незвычайную фігуру істоты, якая носам нагадвае птушку. Ёсць у гэтым пэўны сімвалізм. Кулік жыве каля вады, каля вады жыў і паляшук, лічы, з яе, з балот выйшаў. Арэнда сядзібы палешука абыдзецца ў 100 руб. за суткі. Даведкі па тэлефонах: 8 (01645) 26-5-18; 8 (029) 247-15-31.

Санітар вадаёма


Калі судзіць па водгуках, не мы адны хацелі ўбачыць балотную чарапаху. Яна займае ўнікальную экалагічную нішу, бо вядзе жыццядзейнасць адначасова ў вадзе і на сушы. Яна занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі. Жыве пераважна ў лясах і балоцістай мясцовасці, для кладкі яек на пясчаных участках пераадольвае адлегласць да 1 000 м. У яе цёмны, практычна чорны панцыр, яна дастаткова вялікая, даўжыня панцыра дасягае 20 см. Самкі пладавітыя: у адной кладцы можа быць да 22 яек. Чарапаха пакідае яйкі ў пяску і стараецца вярнуцца туды, адкуль прыйшла, – баіцца драпежнікаў. А малыя чарапашкі, калі вылупяцца, спяшаюцца да вады. Балотная чарапаха актыўна выконвае функцыю санітара вадаёма – яна харчуецца хворай, раненай ці нежывой рыбай, мёртвымі вадаплаўнымі птушкамі. Яе таксама могуць з’есці некаторыя віды драпежных рыб, а птушкі, янотападобныя сабакі, лісы ядуць яйкі чарапах, яе дзіцянят… Было такое, што работнікі заказніка знайшлі на пясчаным беразе больш за 20 загінуўшых чарапах – самак. На іх напалі драпежнікі, найхутчэй арлан-белахвост. Акурат зараз чарапахі адкладваюць яйкі. А маленькія чарапашкі, калі ім пашчасціць, вылупяцца ў жніўні.

Гэта была цудоўная вандроўка, непрадказальная і пазнавальная. Вандроўка па родных мясцінах, дзе нават дыхаецца інакш. Вандроўка з дасведчаным і надзейным экскурсаводам. Мне і лёгка, і цяжка было пісаць, шмат чаго адчуваю, а як падабраць трапныя словы, каб дакладна апісаць тое ў фарбах? Хачу паказаць гэтае месца дзецям. Гэта мой водгук, я шмат чаго ім сказала. Хачу паказаць гэтае месца тым, каго люблю, каб раздзяліць з імі радасць ад сузірання хараства беларускай прыроды. І вы далучайцеся.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Вверх